Пераклад ядра Drupal на беларускую мову скончаны 3 красавіка! Віншуем усіх удзельнікаў!
Глядзіце відэа пра конкурс!
Конкурс, арганізаваны Drupal-клубам, падышоў да сваёй фінальнай часткі. На працягу сакавіка-красавіка з англійскай на беларускую мову было перакладзена каля 3000 радкоў ядра Drupal версіі 7.12. Удзел анлайн і на агульных сустрэчах прынялі самыя розныя людзі: праграмісты, лінгвісты, філолагі і проста неабыякавыя.
“Пераклад быў неабходны ў першую чаргу для тых, хто перакладаў. Магчыма беларуская лакалізацыя будзе выкарыстоўвацца на практыцы прасунутымі карыстальнікамі. Ці гатовы я перакладаць далей? Калі будзе час і жаданне - будзе і пераклад!”, - кажа пераможца конкурса Канстанцін.
Арганізатары задаволеныя вынікамі, але лічаць, што праца яшчэ не скончана. Сваімі ўражаннямі дзеліцца адна з мадэратараў конкурса Людміла:
“Зараз паўсюль можна сустрэць сацыяльныя рэкламы - “Вывучай родную мову”. Пераклад Drupal – больш глыбокі падыход. Ён адразу дае магчымасць паглыблення ў моўны асяродак. Гэта значыць людзі адразу пачынаюць размаўляць або пісаць на беларускай мове, а не толькі думаць, што было б не дрэнна калі-небудзь пачаць”.
Drupal мае ў сваім складзе каля 14000 модуляў. Таму ўсе, хто жадае працягнуць пераклад гэтай веб-сістэмы, могуць далучыцца да группы беларускіх перакладчыкаў на сайце drupal.org або да Drupal-клуба.
“На дадзены момант беларуская мова не мае развітай IT-тэрміналогіі. Ці можна размаўляць на любой мове, калі яна не забяспечвае гарачыя патрэбы грамадства? Вядома - не.Таму мы вырашылі падштурхнуць развіццё гэтай галіны ў першую чаргу стварэннем рэальнай сітуацыі, калі мова будзе жыць і ў эканамічнай сферы. Гэта і ёсць асноўная мэта конкурса,” – распавядае каадынатар Міхаіл.
Тым часам, у суботу адбудзецца сустрэча “Вынікі і перспектывы”, на якой будзе падведзена заключная рыса конкурса і ўзнагарода пераможцаў.
Чакаем ўдзельнікаў і зацікаўленных 7 красавіка а 19.00 па адрасе: вул.Захарава, 77а, пам. 1Н, пак. 2б.